Шрифт:
Интервал:
Закладка:
«А ў цябе прыгожая…» — сказаў ён і ўзяў двума пальцамі тое, што вісела ў яе на шыі. Кавалачак выцьвілай цёмна-чырвонай тканіны.
«Прыгожая что?»
«Вось гэта. Ня ведаю, як называецца».
«А, это…» — прамовіла яна абыякава. «Подожди», — спыніла яна раптам ягоныя настойлівыя, нахабныя рухі, трошкі зморшчыўшыся, і гэта ёй вельмі пасавала. — «Где здесь у тебя туалет?»
«Выйдзеш і налева, тут усяго чатыры пакоі», — пасьпешліва патлумачыў бацька. — «Толькі там замкнута, вазьмі ключы, вось гэты…»
Яна ўзяла, усьміхнулася бацьку яшчэ раз і выйшла. Падліваючы сабе партвэйну, ён пачуў, як яна спынілася на калідоры, а потым здарылася нешта вясёлае і абсалютна непапраўнае: ён зразумеў, што яна замыкае дзьверы ў пакой, пакідаючы бацьку ў ім аднаго.
Там, у зьвязцы, было чатыры ключы. Бацька застаўся сам-насам са сваімі падшыўкамі, шафай, старой пішучай машынкай у куце і пляшывым сталом, на якім стаяла бутэлька «Масандры» і кубак з надпісам «Москва навсегда». Падарунак рэдакцыі ад расейскіх калегаў.
Яна проста ўзяла і замкнула яго тут. Гадаўка, падумаў бацька пяшчотна. Ён сядзеў і слухаў, як яна рашуча дае рады замкам і дзьвярам, па чарзе, дзелавіта, ходзіць па рэдакцыйных кабінэтах, высоўвае шуфляды, шаргоча паперамі. Іншы на ягоным месцы адразу прыкінуў бы, што можна адсюль вынесьці. Кампутары — шэсьць штук, прынтэр, сканэр, тэлефоны і іншая дурата, драбяза, непатрэбныя рэчы. Сэйф пад бухгальтарскім сталом. Штучнае золата розных «Залатых пёраў» і лак падробных «Сярэбраных літар» за ўдзел у выставах СМІ. Новую мэблю. Але бацьку ўжо не хацелася нічога падлічваць. Ён быў у яе ўладзе, і яму гэта падабалася. Ён выйшаў на балькон, стары балькон, у цемру, закурыў, наліў сабе яшчэ.
Рэдакцыя мясьцілася на трэцім паверсе. Можна было пазваніць у міліцыю або хаця б начальству, можна было крыкнуць, каб нехта падняўся і затрымаў зладзюжку — але вуліца была бязьлюдная, дый бацьку ня надта хацелася псаваць вечар лішняй чалавечынкай. І яна… Яна ж ведала, што ён гэтага ніколі ня зробіць. Раскусіла яго адразу, як пусты арэшак, сваімі моцнымі зубамі. Ён шпурнуў недапалак у дождж і вярнуўся да стала. Яна ўсё яшчэ была тут. Ён чуў яе крокі на калідоры, ён бачыў, як паступова зьнікаюць мокрыя сьляды яе ботаў — ад дзьвярэй да стала, ён сядзеў, піў партвэйн, і яму чамусьці было вельмі добра. Упершыню за шмат, шмат гадоў. А потым ён задрамаў, паклаўшы галаву на падшыўку, і яму сьніліся таварыш Р. і дзядзька Пеця — голыя, яны сядзелі ўтрох у нейкай халоднай лазьні, і яны суцяшалі бацьку, хвастаючы венікамі, і казалі, што яна вернецца, абавязкова вернецца. Хто, Лёся? — пытаўся бацька. І яны адмоўна хіталі галовамі. «Зь Лёсяй нічога ня выйдзе».
А назаўтра, калі прыехалі міліцыянты і рэдактар — проста зь лецішча, у спартовым касьцюме зь дзяржаўным гербам — і бацьку вызвалілі з палону, высьветлілася, што нічога ня зьнікла. Зусім нічога. Бацька пастаяў на бальконе зь нешматслоўным, злосным міліцыянтам.
«Зачем же она это сделала?»
«Іскала штота…» — неахвотна адказаў міліцыянт. — «А можэт, і нет. Інагда людзі дзелают странные вешчы. Вот адзін у Дражні сваю хату спаліў. Спрашываем: зачэм? Не знаю, гаварыт. Захацелась. Бальной… Так і ана. Захацелась дзевушке чэвота, а чэво — сама не знает».
І бацьку спадабаўся гэты адказ.
Ён сустрэў яе празь месяц — у мэтро. Пайшоў сьледам, не адступаючы ні на крок, падстаўляючы ёй свой твар: давай, пазнавай хутчэй, не марудзь. Працяг будзе. Ты абяцала. Яна паспрабавала ўцячы, схавалася ў жаночай прыбіральні ў ГУМе, яе не было доўга, можа, нават гадзіну. Выйшла, папраўляючы валасы. Хацела прайсьці міма — гордая, нявінная, як Вэнэра. Ён загарадзіў ёй дарогу. Моўчкі яны спусьціліся на праспэкт.
«Ну что, сдашь меня в милицию?» — усьміхнулася яна. — «Пальцы массажиста…»
«Не», — паціснуў ён плячыма. — «Навошта? Проста паслухай мяне».
Так яны пачалі гаварыць. Сустракацца ў замарожаных парках і гаварыць. І піць сьцюдзёны партвэйн у яго дома.
«Мне чего-то хочется», — сказала яна. — «Сама не знаю чего. Хочется чего-то странного. Очень странного. Хочется, чтобы все шло не так, как должно».
Ён расказваў ёй — доўга. Чытаў кнігі. Чытаў уголас свой дзёньнік. І ўлетку яны ўжо гаварылі на ягонай мове. Так, каб ніхто ня чуў. Ён расказваў ёй пра драўляныя дудачкі мінулага, казкі, якія ніхто больш не расказвае дзецям, пра перамогі і замкі, пра веліч і боль. Ён паказаў ёй цэлы кантынэнт, на якім яна жыла і ня ведала пра яго існаваньне.
«Ты — гэта самае дзіўнае, што са мной адбылося».
Каця вельмі зьмянілася. Аднойчы яны сустрэліся — і ён не пазнаў яе здалёк: яе валасы былі жоўтыя, як неба над сталіцай, калі над ёй апошні раз будзе заходзіць сонца. І тады ён расказаў ёй пра Сіа, нільскую сітаўку ў вобразе дзяўчынкі, і даверанае ёй пасланьне.
І ў вачах Каці зьявіўся жах.
«А што сталася з… зь Лёсінай маці?»
«Яе няма».
«Яна памерла?»
«Можна сказаць і так».
«Лёся падобная да яе?»
«Лёся не падобная ні да кога. Інакш яна ніколі не змагла б перадаць пасланьне».
На пачатку лета, калі ў службоўцаў пачаліся адпачынкі, Каця наведала адно ўпраўленьне — і дзякуючы ёй (усяго толькі і трэба было, што заблудзіць у кабінэтах) яны даведаліся пра існаваньне аднаго ня надта вядомага ляснога лягеру, у якім загартоўваюць і лечаць сіротак і тых, чые бацькі прызнаныя зваротнымі кастратамі. У самым пачатку лета яны з Кацяй пачалі снаваць пляны ўцёкаў.
Ён не адразу гэта заўважыў — але Каця моцна зьмянілася. Нібы з мовай у яе ўсяліўся нейкі неспакойны дух. Запінаючыся, уся ў нейкай дзіўнай гарачцы, яна расказвала яму, што часам, у тралейбусе, які прабіраўся праз гарадзкія завірухі, яна глядзела ў акно і бачыла там дзяцей: дзяўчынку і хлопчыка, што ішлі проста скрозь сьнежныя муры, трымаючыся за рукі. Часам ёй сьнілася — так выразна, што яна яшчэ доўга адчувала боль паміж ног — як яна аддаецца дванаццаці ваярам, па чарзе, і кожны, перад тым, як выйсьці зь яе, пакідае на яе жываце якое-небудзь слова — піша яго закаваным у браню пальцам, і яно гарыць на скуры, яна хоча вымавіць яго — і ня можа, яна нашмароўваецца крэмам, а слова застаецца. Словы былі самыя розныя — і бацька цешыўся, што ўсе яны былі словамі спрадвечнымі, забытымі, адкрытымі ім для яе.
Бацька даўно не адчуваў такой радасьці адкрыцьця.
Сярод пэрсанажаў, якія сьніліся Каці ўначы, якія мроіліся ёй сярод белага, занадта белага, як