chitay-knigi.com » Классика » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 61
Перейти на страницу:
За дубовымі сталамі інструктары вучылі іх тысячам розных спосабаў, як прымусіць чалавека гаварыць тое, што трэба — а галоўнае, так, як трэба. Афіцыйна гэта называлася псыхатрэнінгам, але насамрэч было навыкамі дрэсіроўкі. Тысяча спосабаў — і ніхто ня ведаў, што доктар адкрыў тысяча першы. Ён ня стаў адразу ж дзяліцца сваім сакрэтам, ён наогул імкнуўся не выдзяляцца, уважліва слухаў, запісваў, ніколі не спазьняўся на практычныя заняткі — допыты, якія часам адбываліся з самага сьвітанку да позьняе ночы: дапытвалі калгасьнікаў, якіх удавалася налавіць у лесе, тыя ніколі не абураліся, ахвотна раскрываючы раты і трываючы ўсё, што ад іх патрабавалася, нават экспэрымэнты з высокім напружаньнем.

Час праляцеў хутка — як быццам ад таго дня, калі доктар упершыню пабачыў на прыпынку абвестку, і да таго, калі, стоячы ў шэрагу выпускнікоў, ён атрымаў дыплём, прайшла ўсяго адна ноч. Яго прызналі найлепшым — упершыню ў жыцьці. Салідныя людзі далі яму ўсе неабходныя рэкамэндацыі — і вось ён, доктар, якога ўсяго тры гады таму ніхто не хацеў бачыць у сталіцы, сядзеў у кабінэце міністра аховы здароўя глядзеў у акно — і сталіца ляжала перад ім, паслухмяна раскрыўшы свой рот, і ён адчуваў, што можа рабіць зь ёй усё, што жадае.

Але яму не патрэбная была сталіца. Некалі яна адрынула яго, выкінула на сьметнік жыцьця — і цяпер ён з пачуцьцём адноўленай справядлівасьці адрынаў яе.

Доктар глядзеў, як міністар, поўная жанчына з высокай прычоскай, чытае ягоны ліст з просьбай прадаставіць у ягонае распараджэньне сьпісаны з усіх балянсаў былы піянэрскі лягер. Зараз яна падпіша — і ён зможа спакойна займацца справай, якой вырашыў прысьвяціць усё жыцьцё.

Што праўда, міністарка не сьпяшалася. Чытаючы, яна варушыла вуснамі — можа, баялася прапусьціць нейкую двухсэнсоўнасьць, а можа, проста ня звыкла чытаць такія даўгія лісты. Адзіная жанчына ва ўрадзе. Мамка ўсіх дзяцей краіны, адзіная кабета ў гарэме міністраў, што належаў самому прэзыдэнту.

«Да, харашо», — сказала яна, падняўшы вочы. — «Я віжу, вы опытны сьпецыяліст. Спасіба вам от усех дзяцішак і ўсех радзіцелей. Дзетак нашых лячыць нада, хто ж спорыт… Вы знаеця, как ужо даўно тую мову адмянілі, і ўсё раўно не можам наўчыцца гаварыць, как людзі. За дзяржаву абідна».

«Да», — сказаў доктар. — «Обидно».

Ён мог бы ёй дапамагчы. Ня толькі дзяржаве, але і ёй асабіста, гэтай бабе з высокай, як торт, прычоскай і сінімі шчокамі. Як яна, пэўне, камплексуе, калі прыяжджаюць госьці зь іхнымі чыстымі галасамі. А як баіцца выступаць, даваць інтэрвію… Напэўна, калі б яна зразумела, што насамрэч ён мог бы зрабіць для яе, дык запісалася б да яго на прыём.

«Харашо», — сказала яна і падпісала. — «Как мы назавем этат… это учэрэждзеніе? Цэнтар арфаэпічнай артадонтыі? Лінгвахірургіі? Ілі какта іначэ?»

«Название я придумаю», — сказаў ён. — «Это же дети. Тут спешить нельзя».

«Ну, сматрыце самі. Чэрэз год пасмотрым на рэзультат. Удачы вам, доктар!»

«Спасибо», — пакланіўся ён і пацалаваў ёй тоўстую руку, зь якой яму заахвочвальна бліснуў на разьвітаньне дарагі гадзіньнік.

12. КОЖНЫ АБАВЯЗАНЫ КЛАПАЦІЦЦА ПРА СВАЕ ГАЛЮЦЫНАЦЫІ

Кожны абавязаны клапаціцца пра свае галюцынацыі. Бацька прысеў на пень і падумаў, што такі пункт абавязкова трэба ўключыць у Закон аб шлюбе і сям’і. Той закон, які ён, бацька адной вельмі незвычайнай дзяўчынкі і аднаго яшчэ больш незвычайнага хлопчыка, так цынічна парушыў, адразу ў некалькіх пунктах праламаўшы ягоныя папяровыя сьцены. І незваротна выпаўшы з таго сьвету, дзе існуе шлюб і існуе сям’я.

Галюцынацыі — мае родныя, мілыя, адной мовы са мной і адной крыві галюцынацыі ў шортах… Добра, што цяпер лета — дзеці ня зьмерзнуць. Кепска, што не зіма — зіма пакінула б іхныя сьляды, зіма пагнала б іх да жытла, у цяпло, да людзей, і там іх значна лягчэй было б адшукаць. Часам, калі ён прабіраўся скрозь гэты бясконцы лес, дзе ніводная дарога ня мела канца, быццам танула ў гушчарах і гаях, яму здавалася, што ён бачыць удалечыні, на ўзгорках, на цыркавых арэнах палянаў Лёсю і Лёччыка, якія ідуць празь лес, узяўшыся за рукі. Ідуць, не кранаючыся зямлі. І тады ён бег да іх — і абдымаў дрэвы, і нават плакаў. Яму трэба было добра выплакацца — бо калі ён іх знойдзе, яны ня мусяць пабачыць ніводнай сьлязы. Бо ён ні ў чым ня быў вінаваты — пакуль не дазволіў ім адысьці ад машыны ў той злы, нелягічны, мітусьлівы дзень.

Седзячы на пні, ён выцягнуў ногі, глынуў гарэлкі і набраў Кацю. Ён набіраў яе нумар некалькі разоў на дзень. Яму вельмі яе не хапала. Каця прыдумала б, што рабіць. Каця ўмела гаварыць зь людзьмі і ўмела заўважаць сьляды. Гэта яна заўважыла тады прымятыя кусьцікі чарніцаў. Але нават Каця не магла б дамовіцца зь лесам пра выдачу гэтых…

Гэтых хворых на галаву дзяцей. Гэтых няўдзячных вырадкаў, якіх ён спарадзіў на сьвет.

У такія хвіліны зь ім здараліся прыступы сапраўднага гневу. Гэта быў гнеў на сьветабудову. На лес і на лёс. Бацька разумеў, што Лёся не вінаватая ні ў чым. І гэта было яе галоўнай правінай.

Яго тады пакаралі даволі мякка. Усяго толькі пазбавілі бацькоўскіх правоў. Як правоў кіроўцы — ха-ха. Гэта яны, аўтары і судзьдзі сваіх уласных дзяцей, прыдумалі такую недарэчную назву для той страшнай кары. Пазбаўленьне бацькоўскіх правоў… Быццам такога права можна пазбавіцца. Бацька падумаў тады, што такое пакараньне нагадвае нейкую зваротную кастрацыю: спачатку ты робіш дзяцей, а потым цябе прызнаюць няздольным зрабіць гэтых самых дзяцей, якія ўжо даўно бегаюць па сьвеце.

«Каця», — сказаў ён у глухі тэлефон. — «Каця, ты мусіш вярнуцца. Ты мне патрэбная. Твае жоўтыя валасы не даюць мне засяродзіцца на пошуках. Вярніся — дзеля мяне, дзеля мовы, дзеля пасланьня, якое мусіць перадаць нільская сітаўка, пра якую я табе столькі расказваў. Я разумею, ты баішся. Я паважаю твой страх. Але ты мусіш вярнуцца. Каця, я зноў згубіў усё».

Да гэтага пачуцьця злосьці, шкадаваньня да самога сябе, страху за Лёсю прымешвалася яшчэ адна вельмі мулкая, балючая боязь. Боязь, што Каця яго выдасьць.

Па шчырасьці, ён ня ведаў, на што яна здольная. Бо раней не было ніякай Каці. Каця зьявілася выпадкова, як каханьне. І тое, што ён навучыў каханьне гаварыць на сваёй мове, нічога ня значыла.

Пасьля таго, як ён афіцыйна перастаў быць бацькам Лёсі, яму не заставалася нічога іншага, як зьехаць з іхнага гарадка: іхная зь Лёсяй гісторыя зрабілася тут вядомай кожнаму,

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии
Минимальная длина комментария - 25 символов.
Комментариев еще нет. Будьте первым.
Правообладателям Политика конфиденциальности