chitay-knigi.com » Классика » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 29 30 31 32 33 34 35 36 37 ... 61
Перейти на страницу:
памяншацца ў памерах. Спачатку ён зрабіўся ростам такі, як Лёся, калі б яна стала на дыбачкі. Потым такі, як Лёччык, калі б ён нацягнуў боты на абцасах. Потым такі, як Лёся, калі б яна нагнулася, каб завязаць матузкі. Потым такі, як Лёччык, калі б ён нагнуўся, каб укусіць Лёсю за нагу.

«Наш язык как солнце,

Рот его оконце,

Без акцента говорим,

Грязным звуком не сорим,

Хрю! Динь! Гриб!..»

Зрыцель зрабіўся памерам з котку, а бабуля храпла недзе ў закутку і нічога ня чула. І яе было шкада — прапусьціць такое! Лёччык ускараскаўся наверх, а за ім, хапаючыся за непаслухмяныя прыступкі, весела лезла Лёся, і яны не пераставалі сьпяваць:

«Чистым будет наш Язык,

Пригласім всех на пикник:

Чик! Дюк! Приг!»

Яны апынуліся на паверхні, пасярод хаткі. Памерам Зрыцель быў ужо ня большы за чарвяка, ён бездапаможна выгінаўся на самым краі яміны і добры Лёччык нагой скінуў яго ўніз. За Зрыцелем паляцела і Бабуля — якая пасьпела зрабіцца такой самай малой, рыхтык кавалачак мармэляду. І неўзабаве ў хатцы ўжо не было ніводнай жывой душы. Бо не лічыць жа хаткаю тую цёмную, сьмярдзючую яміну, апынуўшыся ў якой, іншыя дзеці маглі б і забыцца на сваю дарогу.

Але толькі ня Лёччык. І толькі ня Лёся.

11. ВЯДОМА Ж, ЁН ПРЫГАДАЎ ІХ — У ЯГО БЫЛА ДОБРАЯ ПАМЯЦЬ НА ГАЛАСЫ

Вядома ж, ён прыгадаў іх — у яго была добрая памяць на галасы. Доктар гідліва паглядзеў на фатаграфіі: абсалютна незапамінальная зьнешнасьць, што ў дзяўчынкі, што ў хлопчыка. Дзеці наогул усе падобныя — пакуль паддаюцца пакараньню і выхаваньню. Дзяцей запамінаеш толькі тады, калі яны плачуць. Іх можна адрозьніваць выключна па галасах — а галасы ў гэтай парачкі былі што трэба. Цяжкі выпадак. Амаль клінічны.

«Как всё запушчено», — сказала тады мэдсястра, якая стаяла за сьпінамі гэтай дзіўнай кампаніі: тонкая, як птушыная лапа, дзяўчынка зь непрыгожымі, як балячкі, вачыма, і хлопчык, да якога доктар адразу ж адчуў дзіўную агіду.

«Молчите», — ён паглядзеў на яе так, што яна ўся сьцялася. — «Ради бога, молчите». Мэдсястра пакрыўджана адвярнулася і засунула рукі ў кішэні халата. Потым ён яе звольніў. Занадта шмат ініцыятывы.

Стаяў сонечны зімовы дзень, і ў лягеры было шумнавата. Давялося зачыніць у кабінэце вокны. Хлопчык зь цікаўнасьцю азіраўся па баках, а дзяўчынка глядзела проста на доктара. Пазьней да яго дайшло — яна глядзела яму ў рот. Нібы чакала, што ён адтуль нешта дастане.

Сіа. Такое мог прыдумаць толькі вельмі хворы, апантаны дэманамі мовы чалавек. Чалавек безь Языка.

«Ты меня понимаешь, Сиа?» — спытаў доктар. Дзяўчынка не варухнулася. Давялося падбадзёрыць яе ўсьмешкай.

«Ты понимаешь наш язык?»

«Трошкі», — сказала яна нарэшце, уважліва сочачы за вуснамі доктара. Ён аблізаў іх і зьвярнуўся да хлопчыка:

«А ты? Тебя кто-нибудь учил говорить?»

«Я Лёччык», — сказаў хлопчык.

«Да, я знаю», — кіўнуў доктар. — «Но мы не будем тебя так называть. Лётчик — это не имя. Как, впрочем, и Сиа. Я думаю, тебе бы подошло имя Глеб. А твоей сестре…»

«Лёся», — сказаў хлопчык і паказаў на сястру пальцам.

«Лёся?» — доктар зноў усьміхнуўся. — «Ну что ж, звучит уже лучше. По-человечески. Значит, вы меня понимаете?»

Рэакцыі не было ніякай. Доктар уздыхнуў і загаварыў, сур’ёзна і маркотна, і яны, насупіўшыся, слухалі — так слухаюць шум вады ў чайніку. Ён гаварыў так, каб яны разумелі. Ён хацеў патлумачыць ім, што гэта будзе першы і апошні раз.

«Вы абое харошыя дзеці, але хворыя. Я доктар, я ведаю, хто на што хварэе. Плакаць і наогул засмучацца ня трэба — ніхто не вінаваты ў тым, што ён хворы. Уявіце сабе вялікі завод, на якім вырабляюць цацкі. Уявілі? Тата расказваў вам, што такое завод? Добра. І вось некаторыя цацкі зрабілі не зусім правільна. Забыліся ім прышыць пэўныя часткі, а можа, паленаваліся. І ў такім выглядзе гэтыя цацкі пачалі прадаваць у краме. Камусьці купілі добрыя цацкі, а камусьці — да прыкладу, вам — дасталіся тыя, зробленыя нядбайна. Дык вось я займаюся тым, што даводжу цацкі да ладу. Ясна?»

Лёся наморшчыла лоб. «Людзі — гэта ня цацкі», — сказала яна. — «Цацкі гавораць той мовай, якой ты захочаш. А людзі гавораць той, якая ня можа іх забіць. Калі гаварыць не на сваёй мове — можна задыхнуцца».

«І хто табе гэта сказаў?» — доктар схіліўся да яе твару і паклаў руку ёй на плячо. Вочы дзяўчынкі заставаліся безуважныя, быццам яна гаварыла відавочныя рэчы. Неба блакітнае, сьнег халодны, вада мокрая.

«Вядома, тата. Толькі ён ведае правільную мову. Нашу мову».

«Твой тата, напэўна, вельмі цябе любіць», — мякка прамовіў доктар. — «Але вось я. Ці тая цётка… мэдсястра… Або тыя людзі, якія прывезьлі цябе сюды. Мы што — усе задыхнемся? Я вось не задыхаюся. Наадварот, вельмі добра пачуваюся і ў мяне хутка абед. Чаму я дужа рады. Паглядзіце ў акно. Здаецца, ніхто не задыхаецца. Ці я памыляюся?»

Лёччык і Лёся і праўда падышлі да акна і паглядзелі ў яго так сур’ёзна, што доктар вырашыў пазначыць гэта як прыклад неадэкватнай рэакцыі.

«Гэта нічога не даказвае», — сказала Лёся. — «Магчыма, яны ўжо задыхнуліся. А гэта проста інэрцыя».

«Ого, якім словам вас навучыў тата», — засьмяяўся доктар. — «Мая дачка такіх ня ведае, а яна старэйшая за цябе».

Ён схлусіў. Ніякай дачкі ў яго не было.

«У чымсьці ваш тата меў рацыю. Людзі сапраўды задыхаюцца, калі ня могуць правільна вымаўляць гукі. А калі яшчэ пачынаюць ганарыцца гэтым — тут зусім пішы прапала. У лягеры мы шукаем унутры кожнага з вас чысты голас. Каб мы ўсе гаварылі на нашым языку правільна. Калі вы будзеце слухацца і выконваць усё, што кажуць вам мае асыстэнты і важатыя, калі будзеце раскрываць рот тады, калі трэба, і трымаць яго на замку, калі трэба памаўчаць — з вас больш ніхто ў жыцьці ня будзе сьмяяцца, ніхто ня зможа назваць вас калхозьнікамі і дэбіламі. Вы пачняце разумець тое, што трэба разумець нармальнаму чалавеку. Але добра, мой нос як у сабакі, а глаз как у арла, і нос чуе, што абед пачаўся, а вока бачыць, што першы атрад ужо выправіўся ў сталовую. Вы таксама галодныя. У нас у лягеры добрая кухня, дзядзька Вася гатуе — пальчыкі абліжаш, вам спадабаецца».

«Пальцы нельга аблізваць», — сказаў раптам Лёччык. —

1 ... 29 30 31 32 33 34 35 36 37 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии
Минимальная длина комментария - 25 символов.
Комментариев еще нет. Будьте первым.
Правообладателям Политика конфиденциальности