chitay-knigi.com » Классика » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 61
Перейти на страницу:
Яны сядзелі на падлозе і разглядвалі атлас — а людзі бегалі вакол і гаварылі нешта, бацька ўжо не разумеў, што. Ягоны язык скончыўся. Нехта падхапіў Лёсю на рукі, яна не вырывалася. Тупат пранік ва ўсе пакоі, зарыпелі бальконныя дьзверы, чалавек у фуражцы асьцярожна ступіў туды, у туман, што напоўз за ноч, у нагрувашчаньне рызьзя і пустых бутэлек.

«Стойте!» — закрычаў ён. — «Здесь еще один!»

Павісла цішыня.

«Еще один ребенок!»

І чалавек у фуражцы вывеў з балькона хлопчыка — трохі ніжэйшага за Лёсю, але шырэйшага ў плячах.

Зусім голага хлопчыка.

«Это ваш ребенок?» — грозна спытала жанчына ў футравай шапцы.

Бацька кіўнуў, але гэтага было мала.

«Это твой братик?» — запыталіся ў Лёсі, і яна кіўнула таксама.

«Как тебя зовут?» — сказала грозная цётка, але з-за яе сьпіны крыкнулі:

«Да оденьте же его!»

«Сволач», — сказаў міліцыянт, паглядзеўшы на бацьку, і закруціў яму ззаду рукі — было чуваць, як хруснулі косткі. — «Убіваць такіх нада!»

«А я тебе говорил: не шниткай! Не надо здесь у нас шниткать!» — бацька павярнуўся на гэты голас і пабачыў, што з пляцоўкі ў кватэру зазірае сусед, той самы, якому падалося некалі, што Лёся плача. Сьмешна. Бацька ніколі ня бачыў, як плача ягоная дачка.

Вось чым усё скончылася, Жыдзе.

За сьпінай суседа стаялі дзеці — цэлы вывадак. Дзеці, якія ўмелі гаварыць, якім ні ад кога ня трэба было хавацца. Цікава, ці зрабіліся яны з гэтай прычынай шчасьлівыя? Дзеці, народжаныя проста так. Безь ніякай місіі. Дзеці глядзелі на яго зь цікаўнасьцю, у іхных вялікіх вачах не было ні нянавісьці, ні нават асуджэньня. А хлопчык, якога знайшлі на бальконе, глядзеў на іх. Ён быў зусім падобны да звычайнага хлопчыка — і ўсё ж было ў ім нешта нетутэйшае. Быццам ён быў сын замежнага шпіёна або проста інтурыста.

«Как тебя зовут, малыш?» — запыталася маладая дзяўчына з фотаапаратам, нацэленым Лёсінаму брату проста ў твар.

«Я лёччык», — сказаў хлопчык і паглядзеў спадылба на мэдычную брыгаду, трох маладых санітараў і п’яную лекарку з чамаданчыкам, якая ня ведала, зь якога боку да яго падступіцца.

«Я лёччык», — сказаў ён яшчэ раз, усьлед бацьку, якога выводзілі з пакоя. Гучна. Так, каб ён запомніў. І ён запомніў. Раніца, туман за акном, пах і шум чужых людзей там, дзе ён быў шчасьлівы, мітусьня, шоргат папераў, раскіданыя па падлозе алоўкі, брудныя сьляды на падлозе, словы, словы, словы, і гэты дзіцячы бас ягонага сына, такі знаёмы — быццам ён жыў тут зь імі заўжды і чытаў тыя самыя кніжкі.

10. ГЭТА БУДЗЕ САМАЯ ЛУЧШАЯ СВАДЗЬБА Ў ВАШАЙ ЖЫЗЬНІ

«Гэта будзе самая лучшая свадзьба ў вашай жызьні», — сказала бабуля, нахіліўшыся да ямы, і захіхікала. А потым падазрона прыгледзелася да Лёсі:

«Ён цябе ня мацаў? Ня мацаў ноччу, га? А то штота майка на табе надта памятая… Ты мне глядзі, унучак, у мяне ўсё даўжно быць як у людзей. Сагласна традзіцыям!»

Вясельнымі прыгатаваньнямі бабуля пачала займацца з самай раніцы. Для Лёсі яна спляла вянок з васількоў, а для Лёччыка знайшла саламяны. А яшчэ для іх быў падрыхтаваны цэлы мех крапівы. Крапіву яны ня бачылі, але бабуля гучна камэнтавала ўсё, што робіць, седзячы на самым краі ямы, і яны, дзівячыся, слухалі, і голад ужо павіскваў у іхных жыватах, а голас зьверху ціснуў, як накрыўка:

«Пашыю вам касьцюмы з крапівы, добрая крапіва, гаючая, адразу ўсю дурату з галоваў выб’е. Як пачнёце там унізе поўзаць, ды аб зямлю чухацца, уся кожа зьлезе… Я люблю, калі кожа аж чуць ня злазіць. Некалі, як маладая была, дык такі псарыяз мела — і такія вось байструкі, як вы, адварочваліся, гідзіліся, крычалі, што я заразная… А зараз вы, дзеткі, заразнымі пабудзеце, а я пагляджу!»

І бабуля зайшлася ці то сьмехам, ці то кашлем, не разабраць. Лёччык і Лёся падумалі — адначасова, бо думкі іхныя таксама сядзелі цяпер у адной яміне, абняўшыся — што мець бабулю не заўсёды бывае прыемна.

«Цяпер яны там думаюць, што я памерла даўно», — працягвала бабуля. — «А я і праўда для іх памерла, хату сваю спаліла ў райцэнтры, не пустую, ясная ж рэч, я ляльку зрабіла, бамжыху адну злавіла пад мастом, у хату прывяла — а яны там падумалі, што гэта я ў той хаце была. А не было мяне там! Я ў лес пайшла, лес мяне быстра палячыў, у мяне цяпер такая кожа чыстая, і што ты, дзеўка, мне завідуеш! Завідуеш, га?»

«Па-мойму, у бабулі ёсьць фантазія», — сказала Лёся. — «Калі я хадзіла ў школу, я так хацела, каб у мяне была фантазія. Таму што калі фантазія, можна да Брэмэну нават бяз мапы дайсьці».

«У бабулі ёсьць фантазія», — пагадзіўся Лёччык. — «Толькі яна ня ведае, што зь ёй рабіць. Гэта калі б мне далі нож, а ў мяне не было б рук, каб яго трымаць».

«У цябе быў бы рот», — сказала Лёся. — «Рот з зубамі. І ты б схапіў зубамі нож і разрэзаў бы ўсё, што хацеў».

«Я і зубамі магу», — Лёччык чхнуў, не міргаючы гледзячы на Лёсю. — «Паглядзі, якія вострыя».

І ён адкрыў рот, і Лёся правяла ўказальным пальцам па ягоны зубах — як па лязу пілы.

«Не разгаварваць там!» — крыкнула зьверху бабуля. — «Скора будзе гатова ваша ўкрашэніе! Скіну вам, і каб надзелі зараз жа!»

«А калі не надзенем?» — спытала Лёся, задраўшы галаву да сьвятла, у якім плаваў сухі кветачны пыл.

«Тады наказаніе», — падумаўшы, прапяяла бабуля, быццам скончыўшы куплет нейкай песьні. — «Ня буду вас ні карміць, ні паіць, пакуль не надзенеце. Але штота вы разгаварыліся. Скора, скора будуць вам свадзебныя падаркі! Маўчы там, гаўнюк! Вось я зараз табе сваю іглу пакажу — мо тады цішэйшы будзеш, смаркач!»

І бабуля, зноў нахіліўшыся над ямінай, працягнула руку так, каб пальцы яе трапілі на сьвятло — тое самае сьвятло, якое бачылі Лёся і Лёччык з дна сваёй магілы. Іголка і праўда была салідная, доўгая, тоўстая, касьцяная, спэцыяльная іголка для таго, каб шыць строі з крапівы, каб паказваць яе дзецям, што сядзяць пад зямлёй і якім трэба ў горад Брэмэн. І пальцы ў бабулі таксама выглядалі цяпер, як іголкі. Такія ж выцягнутыя, жаўтаватыя, з вострымі кіпцямі на канцах.

«Радзіва будзеце слухаць», — вырашыла бабуля, задаволеная эфэктам. — «Уключу вам радзіва, каб ня нудзіліся маладыя. Ой, наражаеш ты мне мясца, нявестачка… Слухай музыку,

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии
Минимальная длина комментария - 25 символов.
Комментариев еще нет. Будьте первым.