chitay-knigi.com » Классика » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 61
Перейти на страницу:
тэмамі, на якія яны гавораць. Вось едзе дэмбэль, цьмяна знаёмы твар, лысая галава, рэмень, заціснуты ў руцэ — падвыпіўшы, разамлелы, але позірк учэпісты, позірк учорашняга зэка. Калі ён гаворыць зь цёткамі пра навіны, якія адбыліся за яго адсутнасьць — музыкі не чуваць, адна каша, а калі расказвае пра сябе — стараецца, лепіць унутры сябе гукі, разумее нейкім сваім зьвярыным чуцьцём, як мусіць гаварыць Чалавек.

Языком. Ня косткай, што захрасла ў горле, ня звычкай, не малаком і ня салам, ня грушамі з садочку і не памідорам з гародчыку, ня дзедавай прымай і ня ўбогім сваім маленствам. Языком.

Увосень доктар і сам пайшоў у войска. Быццам памяняўся месцамі з тым бліскучым дэмбэлем.

Стрыжаная пад мужыка цётка ў местачковым ваенкамаце, у салдацкіх ботах, нагамі, што формаю нагадвалі галіфэ, зазірнула доктару ў рот і сказала: «Годзен». Хіба вы ня бачыце? — хацелася крыкнуць яму. Хіба гэтага не відаць голым вокам, што я занадта здаровы? Што мне пашанцавала і пухліна так і не пайшла ў рост? Што я ўратаваўся? Можа, таму, што бацькі заўжды хацелі зьехаць на ўсход, туды, дзе рэчы ўмеюць называць правільна і таму ведаюць ім цану? А можа, таму, што чытаў тыя кнігі — вялікія кнігі вялікай літаратуры, якія, здаецца, немагчыма зразумець, калі ты ня будзеш кантраляваць дыханьне і трымаць усе лейцы, на канцах якіх бягуць гукі? Пушкін, Талстой, Лермантаў, Чэхаў, Някрасаў, Дастаеўскі. Тыя, хто выхавалі ў людзях Язык. Тыя, хто захавалі на ім музыку, запісаўшы яе на чалавечыя мэмбраны. Спадчына, якую тут, у гэтым закінутым краі, згнаілі, вырашыўшы, што гаварыць можна як хочаш. Што ўсё на сьвеце ёсьць мова. Што мова можа быць свая.

Разве вы не видите, что я и так уже на службе? — хацелася сказаць яму. На службе Языку.

«Штота хацеў мне сказаць?» — запыталася цётка, грукнуўшы ботамі. З кішэні яе белага халата тырчэлі нажніцы. Імі за пяць хвілін да допыту яна абяцала адрэзаць яйцы аднаклясьніку доктара. За тое, што дурыў ёй галаву, скардзячыся на сэрца. Якое сэрца? — сказала яна. У мужыка сэрца ведаеш дзе?

«Сказаць хацеў штота? А, баец?»

Доктар сумеўся. Цётка нецярпліва ўпёрлася рукамі ў стол. Рукі былі валасатыя, як трапічныя расьліны.

«Ну-ка, давай скажы: таварышч камандзір, казарма гарыт!» — загадала яна, падазрона зірнуўшы яму ў вочы.

«Товарищ командир, казарма горит», — пакорліва паўтарыў доктар.

«Пайдзёт», — ухвальна махнула яна рукой. — «Годзен, годзен».

Але ж ён не паўтарыў таго, што яна хацела. Ён прамовіў гэтыя дурацкія словы зусім, зусім інакш. А яна не заўважыла. Не заўважыла музыкі, не пачула Языка. Як не заўважае косткі ў сваім па-маршальску ўбраным роце.

Той самай косткі. Костачкі, якую, калі захацець, можна выплюнуць.

Тыя некалькі пыльных і безнадзейных месяцаў, якія заставаліся да прызыву, ён цалкам прысьвяціў хіміі. Балазе магчымасьць зьявілася — і зусім нечакана. Неўзабаве пасьля свайго бясслаўнага вяртаньня з крыжовага паходу ў сталіцу, неяк вечарам — ціхім, такім ціхім, што ажно чуваць было, як кроў дрыжыць у вушах — доктар сустрэў на вуліцы свайго школьнага хіміка. Зайшлі да яго, селі ў двары, хімік дастаў самагону. Доктар пазіраў на яго з інтарэсам: нешта з хімікам было ня так, нейкае добрае, сьветлае, бяскрыўднае і абсалютна непапраўнае вар’яцтва хавалася ў ягоных вачах, яшчэ нядаўна такіх уладных: як і ўсе настаўнікі, хімік лічыў свой прадмет найважнейшым. Хімік гаварыў з доктарам на роўных, як з дарослым, спрачаўся, нешта даводзіў — і доктар бачыў, што гэты чалавек з падбародзьдзем, як у льва, і моваю, як у сьвінапаса, сам ня чуе таго, што прамаўляе… Доктар выпрасіў у яго ключы ад лябаранцкай — і спакойна хадзіў туды да самага верасьня, экспэрымэнтуючы з рэчывамі.

Гэта было рызыкоўна — лябараторныя запасы канчаліся, і нястача магла зацікавіць адміністрацыю. Тое, чаго ня мог яму патлумачыць хімік, доктар шукаў у сеціве — і з кожным днём адчуваў, што альхімія мовы робіцца ўсё больш падатлівай. Яму трэба было зразумець тую няўлоўную сувязь паміж псыхічным станам і маўленьнем, якую ён заўважаў на кожным кроку: гэтыя істоты вымаўлялі гукі больш ці менш чыста ня толькі ў залежнасьці ад асяродзьдзя, у якое траплялі, але і ад, напрыклад, сваіх стрэсаў, сваіх убогіх радасьцяў, ад таго, наколькі вольна яны маглі выяўляць свае інстынкты.

О, тут было над чым працаваць. Выведзены з раўнавагі, з гістэрычным бляскам у вачах, або напоены шчодра, як зямля вадою, прадукцыяй мясцовага пладова-ягаднага камбінату, любы ягоны зямляк гаварыў інакш, чым калі ён ішоў у пашпартны стол, на бацькоўскі сход або ў Дом культуры. Дый сам хімік, калі доктар прасіў даць яму кансультацыю па злучэньнях і рэакцыях, разьліваўся такім чыстым салаўём, што доктар часам забываўся, што перад ім пацыент і што сядзяць яны пасярод краю, дзе пануе злая дурная костачка. Але варта было хіміку загаварыць пра мясцовыя навіны, пра драбязу, пра надзённае, будзённае, набытае, крадзенае — і ён ператвараўся ў звычайнага калеку, якога душыла знутры ягоная моўная няздольнасьць.

Яны бачыліся амаль штодня, доктар падпойваў настаўніка, той хмялеў хутка, як па навуцы. Лета кацілася ўпалым яблыкам па пясчанай дарожцы да весьнічак, яны сядзелі перад адчыненым гаражом хіміка, у садзе, закусвалі цёплымі памідорамі, і з гаражыка на доктара глядзелі, не міргаючы, як вочы забойцы, круглыя зрэнкі хімікавых жыгулёў. Хімік расказваў, як ловіцца рыба, і як трапіў у шпіталь дырэктар, перапіўшы сьпірту… Хімік гаварыў па-іхнаму, а доктар глядзеў яму ў рот, як верны вучань — і думаў пра тое, што ўратаваў гэтага небараку ад бескарыснасьці яго выпадковых ведаў. Прыйшла восень, лябараторыя была пустая. Першага верасьня хімік павесіўся, у тым самым гаражыку. Казалі, быў хворы, стаміўся цярпець боль. Але доктар ведаў сапраўдную прычыну. Прычына была ў мове. І толькі ў ёй. На гэтай мове нельга было нічога сказаць сьвету. Яна прагнула ачышчэньня. Але было позна.

Доктару пашанцавала — ён трапіў у памежныя войскі.

Так ён пачаў жыць у лесе. І гэта быў першы лес у яго жыцьці.

І лес прымусіў яго зірнуць на сябе зь іншага боку — быццам выпхнуў аднаго на залітую сонцам паляну.

Неяк яны нарадам ішлі праз гушчар і наткнуліся на драцяную агароджу, абысьці якую было немагчыма — яна растваралася ў лесе, не канчалася, а менавіта растваралася, быццам лес быў працягам гэтай бясконцай сеткі, быццам агароджа расла з-пад зямлі. Давялося лезьці празь яе. За агароджай быў ці то пусты, выселены санаторый, ці то закінуты піянэрскі лягер. Вецер па-гаспадарску перабіраў аканіцы і дзьверы,

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии
Минимальная длина комментария - 25 символов.
Комментариев еще нет. Будьте первым.
Правообладателям Политика конфиденциальности