chitay-knigi.com » Классика » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 61
Перейти на страницу:
не спускалі вачэй зь ягонай машыны — быццам спрабавалі запомніць нумар. Разварочваючыся, ён пасьпеў пабачыць краем вока, што бацькі дзяўчынкі выйшлі на вуліцу, і яна нешта расказвала ім, паказваючы пальцам на дарогу.

7. НАМАГАЮЧЫСЯ НЕ ГЛЯДЗЕЦЬ НА ЯЕ ЗУБЫ

Намагаючыся не глядзець на яе зубы, Лёся і Лёччык падышлі да гаспадыні хаткі бліжэй, і яна пагладзіла іх па валасах. Дотык быў прыемны — як вадой умыцца. У Лёсі і Лёччыка ніколі не было бабулі — і яны вырашылі называць жанчыну менавіта так. Яны нічога не казалі адно аднаму — проста вырашылі, і ўсё, і кожны ведаў, што гэта ўзаемна.

Хаця для бабулі гаспадыня салодкай хаткі была занадта маладая. Але гэта чамусьці не прыйшло ім у галаву. Маладая, таўставатая жанчына ў чырвоным станіку ад купальніка і прасторных шортах, перашытых з мужчынскіх штаноў. Яна выглядала так, быццам толькі што выпрасталася, корпаючыся ў гародзе. І гэта ўнушала да яе дзіўны давер.

«Можна», — паўтарыла яна і ўсьміхнулася.

Зубы — вось адзінае, што яе псавала. Чорныя, вострыя асколкі, якія драпежна выглядвалі з-пад пульхнай верхняй губы, цёмныя прагалы, побач зь якімі блішчэлі залатыя каронкі. Гэты скалечаны, жудасны рот прыцягваў іхныя позіркі. І таму яны стараліся глядзець ніжэй. На грудзі, якія калыхаліся так, быццам іх прынесьлі, каб павесіць на хатку, у дадатак да іншых уяўных ласункаў.

«Дзеці мае, дзеці», — сказала гаспадыня хаткі, прымружыўшыся. — «Галодныя, відаць?»

«Не», — сказала Лёся і строга паглядзела на Лёччыка.

«Не», — сказаў Лёччык, што праўда, досыць скрушна.

«Да Брэмэну далёка адсюль?» — спытала Лёся, разгортваючы мапу. — «Нам трэба ведаць, мы трапілі ўжо на мапу, ці яшчэ не».

«Блізка, дзеткі, блізка», — усьміхаючыся пустым ротам, сказала бабуля. — «Брэмэн… Як жа, ведаю. Угналі некалі туды на работу. Работы там хапае. Але жыць можна… Вось, гадоў дзесяць таму пасобіе палучыла як остарбайтар. Усё ў марках, у марках… На долары памяняла, унукам аддала».

Нешта тут было ня так, нешта не сыходзілася, думала Лёся, але вырашыла не задаваць лішніх пытаньняў. А хатка за іхнымі сьпінамі вабіла, прыцягвала да сябе сваімі яркімі налепкамі, малюнкамі, хатка быццам бы ціхенька трымцела ў раньнім сутоньні, і яны зь Лёччыкам адчувалі гэтае трымценьне — хрыбтамі, кончыкамі пальцаў, пяткамі, жыватамі…

«Хата Ігната», — сказаў Лёччык, з павагай азіраючыся на салодкую хатку.

«Ды не, якога Ігната», — сказала бабуля-маладуха. — «Я ў райцэнтры жыву, а гэта дача мая. Што было, з таго і зьляпіла хатку на пенсію… Песьня такая была красівая. „Я яго зьляпіла із таго, што была, а патом што было, то і палюбіла…“ Але ж адкуда вам помніць, дзеткі, вы малыя яшчэ».

«Ты няправільна на Языку пяеш», — сказаў Лёччык, насупіўшыся. — «Трэба так: „я ево слепіла із тово, что было“. Па Языку правільна — ево, тово і что».

«Разумнік які», — зноў заўсьміхалася бабуля. — «Ты адкуль такі разумнік? І гаворыць, як у дзярэўні радзіўся. Нада ж такому случыцца».

І яна зусім ужо бессаромна раскрыла рот — так што Лёся і Лёччык пасьпяшаліся адвярнуцца.

«Дык адкуль вы, дзеткі?»

«Ні прапіскі, ні сказкі, жывем з божай ласкі», — сказаў Лёччык, успомніўшы бацькавы кніжкі. — «А ўвогуле мы зь…»

«Гэта брат мой», — сказала Лёся, моцна ўхапіўшы Лёччыка за руку, каб ня даць яму дагаварыць. — «Нам трэба трапіць на мапу, вось, а потым мы ўжо самі разьбярэмся».

«Брат?» — бабуля заўсьміхалася яшчэ больш прыязна, але потым раптам стуліла вусны — і ад гэтага зрабілася неяк вусьцішна. У лесе зусім пацямнела, і надпісы на сьценах хаткі ўжо немагчыма было прачытаць. — «Нешта не падобныя вы зусім. Брат…»

Яна ўважліва паглядзела на Лёччыка, а потым дакранулася да яго шчокаў.

«Наўрад ці», — сказала яна тым самым скрыпучым голасам, якім гаварыла зь імі на пачатку. — «Гэты хлопец не такі просты… Але ладна, дзеткі, брат дык брат. Вы ж галодныя зусім, трэба вам падсілкавацца, перад тым, як у той Брэмэн ісьці. Дый аўтобусы ўжо ня ходзяць, толькі заўтра ў восем першы. Да астаноўкі я вас давяду, а так можаце ў мяне начаваць. Пакармлю вас, а то вунь худыя якія, як тыя шкілеціны».

«Не шкілеціны, а шкілеты», — сказаў Лёччык, і Лёсі падалося, што ён зараз укусіць бабулю — за руку, на якой выгіналіся, быццам гаварылі нешта, доўгія, зарослыя валасамі пальцы, або за грудзі. Бо Лёся бачыла, што Лёччык дужа, дужа, дужа галодны.

«А гэта ўсё, што ў скрынках было — дзе?» — аблізваючыся, спытаў Лёччык, прагна паварочваючыся да хаткі.

«Ну, сёе-тое засталося», — ахвотна сказала бабуля, паказваючы ім, каб ішлі за ёй. — «Сяго-таго знойдзем, падсілкуем вас, а то ж да таго Брэмэну, як да месяца, гэта ж няблізкі сьвет, той Брэмэн, гэта ж зь перасадкамі трэба, гэта ж марачкі трэба мець, гэта ж огого…»

Яны падышлі да хаткі, якая сваёй дзіўнай, зусім не вясковай формай нагадвала ў цемры нейкі іншаплянэтны карабель, і бабуля адчыніла дзьверы:

«Сюды заходзьце, цесна ў мяне, гэта ж дача, мне адной хапае, але і для вас, дзеткі, месца знойдзецца…»

Яна прапусьціла іх наперад.

«Зараз лямпачку запалю…»

Лямпачка ўспыхнула недзе збоку і павесіла пад столяй іхныя цені. Каля супрацьлеглай сьцяны стаяў стол, а на стале — чайнік.

«Бліжэй праходзьце», — прамовіў за сьпінамі Лёсі і Лёччыка скрыпучы голас, яны зрабілі крок наперад — і падлога раптам сышла ў іх з-пад ног.

Першым паляцеў у цемру Лёччык, і ўпаў на нешта мяккае, а на ягоную шыю азадкам пляснулася Лёся і паваліла яго на дно яміны, засланае гнілой саломай. Сьвятло засталося высока наверсе, а тут было цесна, як быццам цябе схавалі пад коўдру, каб задушыць, і цёмна — так што Лёся, узмахнуўшы рукамі, адразу ж трапіла Лёччыку ў вока.

«Разуй глазы», — крыкнуў Лёччык пакрыўджана. У лягеры ён любіў сварыцца на Языку. І Лёся нечакана так выразна згадала лягернае жыцьцё, што ўнізе жывата заныла. Але самае кепскае было тое, што яна ўспомніла пра пігулкі. І адразу ж цела загуло, і ў галаве пачуўся сьпеў лягернага горна — яны забыліся, яны забыліся прыняць, яны забылі прыняць лекі! Самае страшнае, непапраўнае, тое, за што можна атрымаць сапраўднае Сярэднявечча! Тады, у лягеры, ім хацелася закапацца ў зямлю ад таблетак — а цяпер яны пад зямлёй, а леку няма, і ўсё не сыходзіцца, не спалучаецца адно з адным, не працуе, ня складваецца!

«Сам разуй», — сказала Лёся груба, каб супакоіцца, суцішыць гэтае ныцьцё ў сваім нутры і заглушыць кляты горн у галаве. Дапамагло —

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии
Минимальная длина комментария - 25 символов.
Комментариев еще нет. Будьте первым.
Правообладателям Политика конфиденциальности