chitay-knigi.com » Классика » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 61
Перейти на страницу:
паўкроку паперадзе Лёччыка.

«Лухта!» — сказаў Лёччык. — «Яна хутчэй падобная на маркаманічную руну „Хур“.

Лёся ня стала спрачацца. Пакрысе яны адолелі ўзгорак, і ісьці зрабілася значна лягчэй. Яны нават паспрабавалі засьпяваць песьню — пра тое, як бацька сказаў, што ўсё будзе кепска, але што так цудоўна гучала ў лесе, на ўзбочыне дарогі ператваралася ў звычайныя крыкі, і таму яны, не дасьпяваўшы да канца, сьціхлі. Над дарогай вісела сонца, увесь час адступаючы, нібы фатаграфавала іх, няспынна, шчоўк-шчоўк-шчоўк-шчоўк: і яны бачылі сябе на гэтых сонечных кадрах, на гэтай засьвечанай стужцы летняга поўдня, якая разгортвалася перад імі, сьцелючыся проста пад нагамі.

„А вось яшчэ адна!“ — Лёся падбегла да наступнага знаку. — „Сонца! Руна Сонца!“

„І тут міма“, — Лёччык абыякава прамінуў дарожны знак і цяпер наперадзе быў ён, давялося яго даганяць і зноў наладжваць крок. — „Гэта хутчэй Хагалаз. Град“.

„Ды ну цябе“, — сказала Лёся і пагардліва паглядзела на брата. — „Сам ты Хагалаз“.

Нарэшце яны выйшлі на сапраўдную дарогу — і гэта надавала ім сілаў. Праўда, ніводзін зь іх ня ведаў, ці трапілі яны ўжо на мапу. Яны пачуваліся ніякавата на гэтай бясконцай узбочыне — у лесе было куды весялей. Сустрэчныя машыны абдавалі іх прывезеным зь невядомых краёў ветрам — але Лёсі так і карцела збочыць у лес і схавацца за суцэльнай сьцяной прыветных, як старыя знаёмыя, дрэваў.

Сонца падумала і схавалася за хмару, лёгкую, летнюю, амаль празрыстую. І тады яны пабачылі прыпынак.

Хаця, можа, гэта быў і ня ён. Проста на ўзбочыне стаяла ружовая бэтонная хатка-трохсьценка, а ўнутры была лаўка. На лаўцы сядзела бабуля ў чорнай хустцы — нерухома, як мёртвая. Вочы глядзелі ў адну кропку, Лёччык паспрабаваў прасачыць, куды менавіта яна глядзела, і ня змог.

А далей, за гэтай бэтоннай хаткай, зноў ішла тая самая ўзбочына, рэдкія прысады знакаў і слупкоў. І такая самая на тым баку. А пасярэдзіне быў асфальт, прагна паедзены коламі вялікіх машынаў. І над асфальтам плавілася паветра, распаўзалася гарачымі зьмеямі, скрозь якія ўсё было відаць, як праз матавае шкло.

Бабуля паднялася з лаўкі. На дарозе нечакана вырасла тоўстая пыса аўтобуса. Дзьверы адчыніліся, і бабуля палезла ўгару, сьмешна перастаўляючы кароткія, амаль нябачныя ножкі.

„Едзем“, — сказала Лёся.

„Едзем“, — сказаў Лёччык. — „Магчыма, мы ўжо на мапе. Аўтобусныя людзі мусяць ведаць“.

І яны палезьлі за маленькай чорнай бабулькай. Там, наверсе, сядзеў за стырном такі самы тоўсты, як ягоны аўтобус, мужчына ў яркай кашулі, з кароткіх рукавоў вывальваліся вялізныя валасатыя рукі, і ў іх стырно выглядала, як нейкі плод у лапах малпы.

„А вам дакуда, маладзёж?“ — спытаў кіроўца, непрыязна зірнуўшы на Лёччыка.

„Нам? Туды“, — махнуў рукой Лёччык.

„Не падманвай!“ — сказала Лёся шэптам і гучна патлумачыла: „Нам, увогуле, у Брэмэн“.

„Шутніца!“ — сказаў кіроўца. — „Можа, вас у Маскву адвезьці? У Крэмаль? А дзеньгі ў вас есьць, рэбята?“

„Ні прапіскі, ні сказкі, жывем з божай ласкі“, — прамармытаў Лёччык, але тут нейкая жанчына, якая нецярпліва тузалася на пярэднім сядзеньні, прабурчала:

„Ды падвязі ты дзяцей, што табе, жалка?“

„Ладна“, — сказаў кіроўца і зачыніў дзьверы. І аўтобус, такі задушлівы, як школьная разьдзявальня пасьля фізкультуры, рохкаючы, рушыў зь месца і нясьпешна пакаціў па дарозе, падскокваючы на выбоінах.

„Глядзі, што ў яго ёсьць“, — зашаптала Лёся. — „Вунь там, дзе ён грошы складвае. Ды вунь жа!“

І Лёччык пабачыў, што каля кіроўцы ляжыць складзеная, працёртая на згінах зеленаватая мапа.

„Прыдумала“, — сказала Лёся. — „Мы можам прыкласьці яе да нашай…“

І тут зь яе рук выпала шмат аркушаў — яны пасыпаліся на падлогу, і ўвесь аўтобус кінуўся іх зьбіраць.

„Дзякуй“, — паўтараў Лёччык. — „Дзякуй“.

„Дзякуй“, — сказала Лёся. — „Дзякуй вам, цётачка. І вам!“

„Якія вежлівыя дзеці“, — ухвальна сказаў нехта. — „Наверна, радзіцелі харашо васьпітывают“.

„Харашо-та харашо“, — азваўся кіроўца. — „Што ж яны гразныя такія. Аж ваняе. Як сьвіньні“.

„Ты на сябе паглядзеў бы“, — уступілася за дзяцей тая цётка, якая ўгаварыла кіроўцу ўзяць Лёсю і Лёччыка на борт. — „Кожны раз увесь аўтобус як прапярдзіш, фортку дажа зімой адкрываць трэба“.

Аўтобус зарагатаў. Кіроўца пачырванеў і надзеў цёмныя акуляры.

„Дзядзьку, а можна ў вас мапу пазычыць, на хвілінку?“ — спытала ў яго Лёся, калі ўсе аркушы былі сабраныя.

„Чаго?“

„Вось гэтую“, — сказаў Лёччык, паказаўшы на мапу пальцам.

„Зноў ты пальцам паказваеш“, — сказала Лёся. — „Так, гэтую. Мы проста прыкладзем яе да сваёй, параўнаем і адразу аддамо, праўда, Лёччык?“

„Ну вазьміце“, — працадзіў кіроўца. — „Толькі аддаць не забудзьце. І гэта, сядзьце наканец-та. У той канец ідзіце, каб я вас тут ня нюхаў“.

Яны схапілі мапу і пабеглі ў самы канец аўтобуса. Але мапа была ня тая. Ніводная зь яе дарог не перасякалася з тымі, што былі ў атласе. У кіроўцы была нейкая няправільная мапа — у самым яе цэнтры была сталіца іхнай краіны — а ў атласе такога гораду яны так і не знайшлі.

„Нічога“, — сказаў Лёччык. — „Галоўнае, што дарога ідзе наперад“.

Яны раскінуліся на мяккіх сядзеньнях, гледзячы ў акно — там міма іх прабягаў усё той жа самы лес. Кіроўца наперадзе нягучна размаўляў з кімсьці па мабільным тэлефоне. Недзе пад іхнымі азадкамі натужна гуў матор, надзімаючы свае гарачыя шчокі. Аўтобус прыціхнуў. Людзі пачалі драмаць, і Лёся зь Лёччыкам таксама адчулі, як у іх зьліпаюцца вочы. Лёся паклала Лёччыку галаву на цёплае плячо, а рукі — на Лёччыкавы голыя, падраныя, маляўніча пакусаныя камарамі калені. Калені былі прахалодныя, і Лёсі захацелася іх пацалаваць. І нечакана ёй стала так сорамна — яна ажно здрыганулася, але Лёччык нічога не заўважыў.

„Цікава, дзе мы?“ — сказаў Лёччык. — „Калі б бацька нам зараз пазваніў — што б мы яму сказалі? Ці тая, з жоўтымі валасамі?“

„Ці мама“, — сказала Лёся. — „Але яны не пазвоняць. Куды ім званіць? Табе на вуха? Туруру, алё, дзе вы?“

І яна патрапала Лёччыка за мочку ягонага вуха — як роварны званок націснула.

„Але праўда: дзе мы?“ — сказаў Лёччык. — „Можа, спытаем?“

„Не“, — сказала Лёся. — „Тады яны падумаюць, што мы заблудзілі. І пачнуць нам дапамагаць. І мы ніколі ня трапім у Брэмэн“.

Яны пасядзелі яшчэ крыху моўчкі, адганяючы ад сябе цяжкі аўтобусны сон.

„Дзе мы“, — прамармытала Лёся. — „Дзе мы… А мне вось больш цікава: хто мы?“

І яна з падазрэньнем паглядзела на Лёччыка.

„Хто мы?“ — паўтарыла яна, прыўстаўшы. — „І хто ты?“

„Я твой брат“, — цярпліва сказаў Лёччык.

„Ну добра“, — Лёся паклала галаву на шурпатыя калені Лёччыка. — „Дземы і хтомы. Гэта такія народнасьці. Ну, ці

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии
Минимальная длина комментария - 25 символов.
Комментариев еще нет. Будьте первым.